Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аляксандар «Хірург» Залдастанаў: «Вы з гэтай русафобіяй дагуляецеся!»

абноўлена

Хірург: Вы з гэтай русафобіяй дагуляецеся
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:01:10 0:00

Лідэр «Начных ваўкоў» даў прэсавую канфэрэнцыю ў консульстве Расеі ў Берасьці і падзякаваў Аляксандру Лукашэнку за добры прыём.

Аляксандар Залдастанаў прыбыў у Берасьце, каб падтрымаць удзельнікаў мотапрабегу, якім 27 красавіка забаранілі ўезд у Польшчу. Яны таксама прынялі ўдзел у прэсавай канферэнцыі.

Паводле консула РФ у Берасьці, «большасьць удзельнікаў акцыі — нашчадкі чырвонаармейцаў, якія ў салдацкіх ботах прайшлі дарогамі вайны».

Перад пачаткам прэсавай канфэрэнцыі Залдастанаў зачытаў пасланьне ветэранам Эўропы ад вэтэранаў Арлоўскай і Тульскай абласьцей і паабяцаў, што праз два дні гэтае пасланьне будзе дастаўленае па раней абвешчаным маршруце.

Начныя ваўкі
Начныя ваўкі

Такім чынам, Аляксандар Залдастанаў запэўніў прысутных журналістаў, што мотапрабег «Начных ваўкоў» па Эўропе адбудзецца. Аднак адмовіўся паведаміць, якім чынам будзе зьдзейсьненая акцыя і хто прыме ў ёй удзел.

«Праз два дні вы атрымаеце адтуль рэпартаж», — сказаў Залдастанаў. Паводле яго, тыя байкеры, якім учора забаранілі ўезд у Польшчу, у мотапрабегу ўдзел прымаць ня будуць.

Кіраўнік групы байкераў Андрэй Баброўскі ўдакладніў, што на польскай мяжы візу анулявалі толькі яму.

Аляксандар «Хірург» Залдастанаў.
Аляксандар «Хірург» Залдастанаў.

«Астатнім абмежаваны ўезд у Польшчу», — сказаў Баброўскі.

Тое, што ўчора адбылося на польскай мяжы, Залдастанаў назваў «танным цыркам».

«Едуць 20 чалавек абсалютна адкрытых і бяз зброі з высокароднай місіяй. Едзем на магілы, на могілкі. Нас сустракаюць аднадумцы. А перад намі пачынаюць выносіць дэкарацыі, са зброяй прыходзяць людзі ўсе ў броніках, пачынаюць праводзіць вобшукі, лезуць у бялізну і г. д. Гэта тэатральная пастаноўка, яна танная. Я іншага слова не магу знайсьці. Яна прыніжальная найперш для тых, хто гэты спэктакль паставіў, — сказаў Залдастанаў. — Пасьля нам расказваюць пра Савецкі Саюз і палохаюць гісторыямі пра таталітарнае мінулае. Мы дакрануліся да твару дэмакратыі. Гэта ня твар, а грымаса».

На просьбу Радыё Свабода пракамэнтаваць, чаму ў Беларусі ўдзельнікаў мотапрабегу сустракалі на высокім афіцыйным узроўні, Аляксандар Залдтастанаў адрэгаваў так:

«Гэта вы арганізавалі гэтую сытуацыю, калі гэтая гісторыя дайшла да ўзроўню першых асобаў. Вы зрабілі зь яе жахлівую сытуацыю. Мы не плянавалі яе шырока асьвятляць. Мы гэта рабілі для сябе. Вы самі стварылі гэтую сытуацыю, калі сталі арганізоўваць супрацьдзеяньне нашаму маршруту».

Андрэй Баброўскі апавёў, што на сустрэчы ў Менску каля Кургана Славы, якая праходзіла з удзелам прадстаўніка Адміністрацыі прэзыдэнта Беларусі Ігара Бузоўскага і сябраў БРСМ і «Белай Русі», прысутнічалі ня толькі адмыслова запрошаныя людзі. Паводле Бабароўскага, на трасе М1 па дарозе ў Менск іх таксама сустракалі беларусы «з караваем».

Баброўскі ўдакладніў, што байкеры не зьвярталіся да афіцыйных беларускіх уладаў з просьбай пра спрыяньне, і прыём у Беларусі — гэта ініцыятыва саміх беларускіх уладаў.

«За гэта дзякуй вялікі Аляксандру Лукашэнку, — сказаў Залдастанаў. — Гэта ягоная асабістая ініцыятыва. Уся гэтая сытуацыя, уся гэтая інфармацыйныя прапагадысцкая дэмакратычная машына на нас дала збой».

Прыканцы прэсавай канферэнцыі «Начныя ваўкі» абвясьцілі пра тое, што атрымалі паведамленьне ад сваіх польскіх калег. Паводле яго, яны не змаглі наведаць вайсковыя могілкі ва Ўроцлаве, бо яны былі «аточаныя вайскоўцамі». Гэтая інфармацыя выклікала цікавасць польскага журналіста, які папрасіў удакладненьняў:

Начныя ваўкі
Начныя ваўкі

«Вы дагуляецеся з гэтай русафобіяй. Іншым разам баязьлівы чалавек, загнаны ў кут, можа стрэліць. Вось чым можа скончыцца гэтая гістэрыя, цемрашальства. Баязьлівы чалавек можа націснуць на курок», — заявіў Залдастанаў карэспандэнту польскага СМІ.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG